Библиотека Минчанина->Прогулки

Мэка кантрабандыстаў

Наша Ніва - 2005 - 37

Семдзесят гадоў таму ў Ракаве віравала зусім іншае жыцьцё. Цэнтар гміны Маладачанскага павету быў найбуйнейшым цэнтрам кантрабанды на польска-савецкай мяжы. Менавіта ў Ракаве, гэтай малой беларускай Адэсе, жыў славуты кантрабандыст, шпіён і пісьменьнік Сяргей Пясецкі. На вулках Ракава сустрэнеш і нашчадкаў настаўніка Рагойшы з Казікам Пясецкам з «Народнага альбому».

Мястэчка Ракаў знаходзіцца за 40 км на Захад ад Менску, у Валожынскім раёне ля шашы Менск—Вільня. Семдзесят гадоў таму ў Ракаве віравала зусім іншае жыцьцё. Цэнтар гміны Маладачанскага павету быў найбуйнейшым цэнтрам кантрабанды на польска-савецкай мяжы.

«Прынясі ты мне злату вавёрку»

Ствараючы «Народны альбом», Міхал Анемпадыстаў ня ведаў, што ў 1930-я гады ў Ракаве працаваў сапраўдны настаўнік Кастусь Рагойша, які пісаў вершы. А сям’я прафэсара Вячаслава Рагойшы і сёньня мае сядзібу ў Ракаве. Імя пісьменьніка Пясецкага, песьняра памежжа, стала вядома «народнаальбомшчыкам» таксама пасьля стварэння «Альбому». Але «Народны альбом» стаў своеасаблівым разьвіцьцём гэтых аповесьцяў.

«Кантрабандысцкі» раман Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» (1937), дзеяньне якога адбываецца ў 1920-я гады ў Ракаве, пакуль па-беларуску ня выдадзены. На працягу раману яго героі па ўсёй мяжы ад Стоўпцаў да Радашкавічаў носяць у Саветы тавар — панчохі, сьпірт, скуры. Праводзяць празь мяжу «фігуркі» — уцекачоў з Савецкага Саюзу. Дробныя рэчы носяць у «бандажах» — так яшчэ нядаўна вазілі сьпірт у Польшчу, перавязаўшы цела скотчам. «Злоту вавёрку» і «срэбну лісіцу» прыносілі ў адваротным кірунку — з Саветаў, і дзеўкі добра ведаюць, што гэта не ўпаляваны зьвер, а жаргонная назва тавару. Узімку прапіваюць увесь заробак, зазіраючы ў бутэльку (хлопцы п’юць шклянкамі, жыды — чаркамі); сустракаюцца зь дзеўкамі, наведваюць бардэль (у Ракаве іх было два), трапляюцца памежнікам, уцякаюць з-пад варты, зноў ідуць за мяжу, а калі надакучвае «сумленная» праца — адбіваюць тавар у канкурэнтаў-кантрабандыстаў. У кнізе апісана ўся інфраструктура — жыды, якія даюць «хлопцам» на рэалізацыю тавар, і геаграфія «малін» ледзь ня ў кожным хутары па савецкі бок.

Сузор’е Вялікай Мядзьведзіцы суправаджае галоўнага героя Ўладка ва ўсіх шляхах. Зоркам ён надаў жаночыя імёны, а седзячы ў савецкай турме, даведаўся ад злодзеяў, што тыя лічаць сямёрку сваёй шчасьлівай лічбай. На Каляды, калі дзяўчаты варажылі, наваражыў і Ўладак. Фігурка, адлітая ім з волава, была… Вялікай Мядзьведзіцай, якую ён, паводле варажбы, возьме за жонку.

«Ён з-за кратаў дахаты ўсё адно ўцячэ»

Сяргей Пясецкі ў Ракаве займаўся ня толькі кантрабандай, але і працаваў на польскую разьведку. Ён добра быў знаёмы зь мясьцінамі па абодва бакі мяжы — яшчэ ў 1921 г. партызаніў у «Зялёным дубе». Аб шпіёнскай працы ён і напісаў сваю першую кнігу — «Пяты этап» (1934) — седзячы ў польскай турме. Літаратурны дар прачнуўся на сёмым годзе «адседкі», калі Пясецкі прачытаў абвестку ў газэце аб літаратурным конкурсе. Кніга была канфіскаваная турэмнай цэнзурай.

«Вялікай Мядзьведзіцы» пашанцавала больш — яна выйшла за межы турмы і праславіла аўтара, яго нават вызвалілі на чатыры гады раней тэрміну па просьбе вядомых польскіх літаратараў. І калі раней ягонай асобай цікавіліся паліцыя, сьледчыя і судзьдзі, дык цяпер — выключна выдаўцы й рэпартэры, напіша ён пазьней у аўтабіяграфіі. Пяць гадоў Пясецкі адседзеў у адзіночных камэрах (у турме Пясецкі знаходзіўся з 1927 па 1937 г.), тройчы быў кіраўніком турэмных бунтаў. Першае, што ён зрабіў на волі, — даслаў пасылкі з харчамі і тытунём таварышам па камэры. У Італіі быў зьняты тэлевізійны сэрыял, мастацкія фільмы паводле кантрабандысцкага раману зьняты ў Італіі і Польшчы.

Простыя рэчы

Аб былой славе «кантрабандысцкай сталіцы» сьведчыць мноства экспанатаў, сабраных у прыватнай галерэі братоў Янушкевічаў. Сёньня гэта самае знакамітае месца мястэчка. Толькі керамікі там перахоўваецца больш за 1700 адзінак. Ракаўцы захоўвалі ў сваіх хатах усё. У адных старых нават партрэты імпэратара Мікалая ІІ і ягонай жонкі правіселі над ложкам усё жыцьцё… А гаспадар галерэі мастак Фэлікс Янушкевіч з дакумэнтаў і ўспамінаў сваякоў апавядае гісторыі, кожная зь якіх вартая цэлага раману.

У музэі сабраныя колькі прыкладаў ракаўскай моды даваеннага часу, сярод якіх — мужчынскі бурнос і жаночы палітон з каўнерам з хахулі. Уборы хлопцаў і дзяўчат, іх гальштукі, панчохі і лякіраваныя туфлі падрабязна апісвае Пясецкі, а добры густ і ўвагу да моды геніяльна адчуў Міхал Анемпадыстаў: штуршком да напiсаньня «настаўніка Рагойшы» сталі стылістычна бездакорныя касьцюмы да фiльму «Чужая Бацькаўшчына», якiя праектаваў Мiхась Раманюк.

Lomir zech iberbetn

На сваім гародзе, будуючы дом, Янушкевічы знайшлі гаршкі з закапанай маёмасьцю — жыд па імені Ёсель Краснасельскі, чый дом стаяў на гэтым месцы, пры набліжэньні немцаў закапаў усё сваё майно. У мястэчку ходзяць легенды пра восем скрыняў золата, закапаных жыдамі. У Ракаве было столькі золата, што аж да 1960-х гадоў на рынку разьлічваліся выключна золатам, кажа гаспадар. Сёньняшні рынак у Ракаве — найслыньнейшы мясны базар Беларусі.

Сёньня мястэчка Ракаў мае статус вёскі. Храмы тут не руйнаваліся, а Фэлікс Янушкевіч упэўнены, што Ракавам апякуецца Панна Марыя. Паводле легенды, сьляпы чалавек сустрэў каля крыніцы Маці Божую. Яна сказала яму напіцца — і ён пачаў бачыць. Крыніца і сёньня на тым месцы — пры ўезьдзе ў горад, і вада зь яе, паводле легенды, дапамагае хворым на вочы.

У Ракаве знаходзіцца адзіная, пэўна, у Беларусі плошча Вітаўта — у двары галерэі. Проста перад домам — помнік Вітаўту, зроблены Фэліксавым братам, скульптарам Валяр’янам Янушкевічам.

А пра тое, што вопыт продкаў-кантрабандыстаў ды прафэсійных бандытаў вывучаецца, сьведчыць факт: першае выданьне «Вялікай Мядзьведзіцы» Фэлікс Янушкевіч знайшоў ва ўпраўленьні чыгункі ў Дрысьвятах, а легенды пра банду Боўбеля жывыя ў Ракаве да сёньня.

Аліцыя

У Менску выйшла па-беларуску аповесьць Сяргея Пясецкага (1901—1964) «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». У кнізе аспіваюцца падзеі 1939—1945 гадоў у Заходняй Беларусі.

Рейтинг@Mail.ru