ТРАДЫЦЫЙНЫЯ ТЫПЫ ПАСЕЛІШЧАЎ І ЖЫЛЛЯ НА БЕЛАРУСІ

Источник: https://web.archive.org/web/20100105131704/http://ethno.iatp.by/2/e02.htm

Для Беларусі здаўна былі ўласцівы размаітыя, існуючыя з глыбіні стагоддзяў і стаўшыя традыцыйнымі тыпы паселішчаў.

Веска (ад старажытнаславянскага “весь”) – асноўны тып паселішчаў. Вядома з глыбокай старажытнасці, утваралася ў выніку рассялення земляробаў, якія асядалі ў пэўнай мясцовасці, зручнай для пражывання; будавалі тут сядзібы, уладкоўвалі і пашыралі аграрную гаспадарку. Жыхары вескі – гэта ў асноўным сяляне, асноўны занятак іх – сельская гаспадарка – земляробства, жывелагадоўля і разнастайныя промыслы. На працягу многіх стагоддзяў веска з’яўлялася асяродкам самабытнай культуры, захавальніцай багатых духоўных традыцый і вытворчага вопыту.

Асноўнай структурнай адзінкай вескі была сядзіба (двор), якая складалася з жылля і цэлага комплексу падсобных і гаспадарчых пабудоў. Амаль кожны сялянскі двор на працягу стагоддзяў уяўляў самой універсальную гаспадарку, якая сама амаль цалкам забяспечвала ўсе патрэбы: вырошчвала збожжа і розныя сельскагаспадарчыя культуры, выпякала хлеб, гатавала розныя прадукты і кулінарныя вырабы, апрацоўвала лен, пяньку, футру, скуры, ткала тканіны, вырабляла адзенне і абутак, будавала жылле, майстравала розныя прылады, транспартныя сродкі, вырабляла начынне, прадметы паўсядзеннага ўжытку.

Група суседніх весак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася народным адзінствам, значным падабенствам духоўнага і эканамічнага жыцця. Абсалютная большасць шлюбаў заключалася ў межах гэтых акруг. Веска за 5 – 10 верст лічылася ўжо “чужой стараной”, і дзяўчаты неахвотна ішлі туды замуж. Гісторыя ўзнікнення весак, мясцовы рэльеф, памеры, сацыяльны склад аказвалі ўплыў на іх забудову і планіроўку. На Беларусі былі распаўсюджаны некалькі планіровачных форм паселішчаў: свабодная (бессістэмная, скучаная), радковая (лінейная), вулічная, гнездавая. Свабодная (скучаная) планіроўка вядома са старажытных часоў. Яна характарызуецца хаатычным размяшчэннем сядзіб у залежнасці ад зручнаг месца і рэльефу. Да пераходнага тыпу адносіцца гнездавая планіроўка, калі груп сем’яў, звязаных кроўнай роднасцю, сялілася вакол цэнтральнай (прадзедаўскай) сядзібы ўве далей і далей да перыферыі, утвараючы з цягам часу вялікае родавае “гняздо” аднафамільцаў. Такая планіроўка часцей за ўсе сустракалася на Палессі, дзе існавала шмат вялікіх весак, што складаліся з некалькіх родавых груп сем’яў, сядзібы якіх цесна прымыкалі адна да адной. Радковая планіроўка ў значнай ступені была абумоўлена характарам рэльефу і часта сустракалася ў прырэчных весках, дзе жылле і іншыя памяшканні будаваліся ў адзін рад, выходзячы фасадам да ракі. Пры гэтым вуліца, што праходзіла каля сядзіб, абмяжоўвалася з другога боку берагам ракі ці возера.

Сяло, як і веска, з’яўляецца старажытным тыпам сельскіх паселішчаў, пры гэтым не заўседы можна па знешніх прыкметах вызначыць істотную розніцу паміж імі. Звычайна сяло было адміністрацыйным цэнтрам воласці ці прыхода, да якога цягнуліся суседнія вескі, хутары, засценкі. Асноўная прыкмета сяла – наяўнасць тут царквы, валасной управы, карчмы, крамы і іншых грамадскіх устаноў. У святочныя дні сюды сцякаўся народ з сельскай правінцыі на богаслужэнне, кірмашы і таргі. Сяло адрознівалася ад вескі сваімі памерамі. Часам яг называлі пагостам. Некаторыя селы вырасталі ў мястэчкі, некаторыя страчвалі свае значэнне, паступова прыходзілі ў заняпад, нівеліравалася розніца паміж імі і вескай.

Слабада (воля, волька) – гэта новыя пасяленні жыхароў, вызваленых на пэўны час ад феадальнай павіннасці. Кожны раз пасля чарговай вайны сяляне аднаўлялі разбураныя раены, распрацоўвалі пусткі, уладкоўвалі жылле, адраджалі не толькі сваю, але і панскую гаспадарку. Так утвараліся новыя паселішчы, аб паходжанні якіх сведчаць шматлікія тапонімы, што захаваліся на геаграфічнай карце, - слабада, слабодка, слабуды, воля, волька, вулька і т.п. Пасля вызначанага тэрміну слабада набывала статус звычайнай вескі, хаця яе ўклад і культура вызначаліся некаторымі своеасаблівымі рысамі ў адрозненне ад мясцовых весак.

Аколіца – паселішча дробнай шляхты, якая сялілася асобна ад сялян-вяскоўцаў. Была агароджана з усіх бакоў, вызначалася сваей забудовай, бессістэмнай планіроўкай, наяўнасцю тупіковых завулкаў і сцежак. Найбольш пашырана была ў ХVІІ – пачатку ХХ ст. Утваралася са шляхты, што служыла ў магнатаў, пазней – і аднадворцаў; у значнай ступені складалася з далекіх і блізкіх сваякоў.

Фальварак (ад нямецкага Vorwerk – хутар) – невялікае пасяленне ў некалькі двароў, першапачаткова абазначаў феадальную гаспадарку, маентак, дзе жыў феадал. Вялікія маенткі мелі некалькі феадальных сядзіб – фальваркаў. Пасля аграрнай рэформы 1557 г. фальварак стаў асновай арганізацыі феадальнай (фальварачна-паншчыннай) гаспадаркі. Тут у цэнтры сядзібы стаяў панскі дом, разнастайныя гаспадарчыя і прамысловыя пабудовы, у прыватнасці свірны, скляпы, гумны, адрыны для сена, канюшня, вазоўня, рамесныя майстэрні, кузня, млын, бровар, карчма, пякарня, вяндлярня, сырніцы, размяшчаліся сажалкі, дзе вырошчвалі рыбу, побач – пладовы сад, пасека. Фальварак, такім чынам, быў свайго роду аграрна-прамысловым комплексам. У некаторых фальварках ствараліся мануфактуры па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, апрацоўцы лесу, вырабу шкла, ткацкія і інш.

Засценак – паселішча дробнай шляхты ў 1 – 3 сядзібы. Узнікла пасля рэформы 1557 г. разам з так званымі ўстаўнымі вескамі. У сувязі з рэформай уся зямля дзялілася на тры часткі, тры полі; аднак шмат зямельных астраўкоў і ўрочышчаў заставаліся за межамі ("за сценкамі") асноўнага масіву, яны здаваліся ў арэнду дробнай шляхце. Так узнікалі засценкі, якія адрозніваліся ад хутароў сацыяльным паходжаннем жыхароў. З цягам часу (у выніку сямейных падзелаў) засценкі маглі павялічвацца да 5 – 10 і болей сядзіб. У савецкі час засценкі зніклі як у выніку ссялення жыхароў з хутароў, так і перайменавання іх у вескі.

Хутар – адасобленая сялянская гаспадарка з сядзібай, якая знаходзілася непасрэдна на зямельным надзеле селяніна. Узнікалі пасля рэформы 1861 г., аднак масавы характар працэс хутарызацыі набыў у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у сувязі са сталыпінскай аграрнай рэформай. Рост хутароў прадаўжаўся і ў 20-ых гадах і быў перапынены прымусовай калектывізацыяй і ліквідацыяй “кулацтва” як класа. У Заходняй Беларусі хутары захаваліся ад 50 – 60-ых гадоў, калі не лічыць асобных выпадкаў адасобленых пасяленняў, якія сустракаюцца і ў наш час. У суседніх рэспубліках Прыбалтыкі прадпрымаюцца небеспаспяховыя спробы адраджэння хутароў як фермерскіх гаспадарак.

Мястэчка – гістарычны тып паселішча, што ўвасабляў у сабе пераходныя рысы сяла і горада, аб чым сведчыць і паходжанне самой назвы: “miasteczko” (польск.) – гарадок. Мястэчкі з’яўляліся гандлева-рамеснымі цэнтрамі, пэўную ролю тут адыгрывала і сельская гаспадарка. Узнікалі з ХV – ХVІ стст. на гандлевых шляхах пры княжацкіх маентках, феадальных замках, манастырах, вырасталі з магнацкіх сел і весак, часам – сярод лясоў “на сырым корані”, - у гэтым выпадку магнаты вызвалялі мігрантаў на пэўны тэрмін ад падаткаў. Сацыяльны і этнічны склад местачкоўцаў быў даволі стракатым, у большаці мястэчак пераважала яўрэйскае насельніцтва. У ХVІ – ХVІІ стст. на Беларусі налічвалася больш за 300 мястэчак, большасць з іх – у заходняй частцы краіны. Многія карысталіся магдэбургскім правам – правам на самакіраванне. Мястэчка мела центральны гандлевы пляц, які ажываў у час кірмашоў; вакол яго размяшчаліся храмы, будынкі местачковай управы, пастаялы двор, корчмы, гандлевыя лаўкі. У савецкі час большасць мястэчак страціла свае значэнне гандлевых цэнтраў і была пераведзена ў разрад звычайных весак, меншая частка – атрымала статус гарадоў і гарадскіх паселкаў.

Рейтинг@Mail.ru