Рыгор Барадулін

МЯНЕСК

Не пайду я да Менска
ад шляху Віленска;
а пайду па шляху Віленскам,
спаткаюся з Менескам.
                                       Старая прыказка
Cівеў маркоты сын-палын
На ўсіх шляхах расстайных.
Над Свіслаччу грукоча млын,
Аж берагі хістае.

Сем грозных колаў у млыне
(Хоць трохі сцішыў гул бы),
Каменняў поле заглыне —
Намеле пытлю гурбы.

Млынар сатрэ таропка пот.
У печы на валокі
3 усходу да заходу под,
Чалеснік — пад аблокі.

I цеста — за гарой гара —
Займае кут пачэсны.
Гарыць вячэрняя зара,
Хлеб на лістах пячэцца.

З ног валіць дужы хлебны пах,
З гаёў убор зрывае.
Ды чужакам не па зубах
Паўшар'і караваяў!

Млынар — асілак і вядзьмар,
Дыхне — шумяць прысады.
Ён ліўні і грымоты з хмар
Маланкай выкрасае.

Разлогі цемра захлыне,
Цішэе над барамі —
Мянеск імчыцца на млыне,
Дружыну набірае.

А трэба, каб дружына
Са славаю дружыла,
Каб воляй даражыла
Мянескава дружына!

На рэках чуюць асначы
Каменных колаў скрогат.
3-за сцен каменных уначы
Грыміць каменны рогат...

Трымаюцца музыкі ледзь,
Са зморай — сорам знацца!
Прыемна музыцы шалець,
А песням — захлынацца.

Стагні, каменне, ў забыцці
Падлогаю няроўнай.
Млынар з русалкай скача ці
Чароўнай млынароўнай?

 

Чакайце, рымар і ганчар.
Каменярам — павага!
Б'е ў берагі каменных чар
3 мукі каменнай брага.

Ідуць гады. Мянескаў твар
Ніхто не можа ўбачыць.
………………………………..
Але аднойчы знік млынар,
Засумаваў няйначай.

Куды, ў які падаўся бок,
Пра гэта хіба скажа
Ярыла — ўсемагутны бог
Ды ноч чарней ад сажы.

Нудліва Свіслачы ў трысці,
Русалкам проста гора.
На сонца гледзячы, расці
Пачаў вясёлы горад.

Сінеліся вачэй ільны,
Звінелі слоў крыніцы.
Запас Мянескаў—валуны
Пайшлі на камяніцы.

Гарэла ціхая зара
I задыхаўся горан.
Няма Мянеска-млынара —
Назваўся Менскам горад.

Менск гандляваў, мяняў — дармо!
Пястун нябёс і волі,
Ён гордай дзіды на ярмо
Не прамяняў ніколі!

Чужак ад жаху камянеў,
Дарэмна ў дзверы другаў.
Для ворага рос Лютагнеў
I Мілагост — для друга.

I плавіліся камяні
У вогнішчах пякельных.
Была хвіліна цішыні —
Давалі слова кельні.
……………………………

Пярун разлогі скалане,
Сцямнее над барамі —
Не навальніца гэта. Не!
Мянеск імчыцца на млыне,
Дружыну набірае...

 

«Горад і годы». Мінск, «Беларусь», 1967. Ст. 11–14.

Рейтинг@Mail.ru